Беларусістыка ў ЗША

4-1

31 студзеня ў Мінску на базе беларуска-амерыканскага прадпрыемства “Аляксандраў Пасаж” адбыўся Міжнародны “круглы стол” “Беларусістыка ў ЗША і польскі вопыт: перспектывы развіцця”, арганізаваны Цэнтрам міжкультурнага дыялогу і Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага інстытута ў Мінску .

Любоў Уладыкоўская, генеральны дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу, кіраўнік праекта :

“Мы ставілі перад сабой дзве асноўныя задачы: абмеркаваць стан і магчымыя шляхі развіцця беларусістыкі ў ЗША, а таксама вызначыць сучасныя падыходы да распаўсюджвання ведаў пра Беларусь у свеце. Каб забяспечыць комплексны, сістэмны, практычны падыход да пазначаных праблем, мы выбралі фармат прафесійных дэбатаў з удзелам экспертаў са сферы навукі, культуры, адукацыі, рэлігіі, якія маюць практычны вопыт працы ў ЗША, кіраўнікоў бізнес-саюзаў Беларусі, генеральных дырэктароў беларуска-амерыканскіх прадпрыемстваў. Вельмі важна, каб людзі розных галін дзейнасці супольна засяроджвалі сваю ўвагу на вырашэнні сацыяльна значных праблем. І эканоміка, бізнес мае тут велізарнае значэнне. Праз сваю дзелавую актыўнасць бізнес-супольнасць можа і павінна несці веды пра Беларусь, у тым ліку ў ЗША. Для пашырэння прысутнасці беларускага бізнесу ў ЗША неабходна выкарыстоўваць вопыт існуючых бізнес-праектаў, а таксама асабісты вопыт прадпрымальнікаў.

 

Пытанне беларусістыкі ў ЗША досыць складанае, асабліва калі ўлічыць значнае аслабленне апошнім часам сувязей і кантактаў у навуковай, адукацыйнай, культурнай, эканамічнай і іншых сферах паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі. Тым не менш, літаральна па крупінках, але нам удалося вызначыць асноўныя зусім нешматлікія беларусазнаўчыя цэнтры, а таксама сабраць, сістэматызаваць і прааналізаваць стан беларусістыкі ў ЗША на сучасным этапе, што вымагае, аднак, працягу экспертна-аналітычнай працы. Прыемна, што ў гэтую працу ўжо ўключыліся беларускія гісторыкі, філосафы, сацыёлагі, культуролагі, эканамісты. Мы абавязкова ўлічым вопыт Рэспублікі Польшча ў справе папулярызацыі ведаў пра сваю культуру ў ЗША, пра што грунтоўна і падрабязна расказала на сустрэчы прафесар Аляксандра Ахтэлік”.